ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца мноствы з дапасаванымі паміж сабой алг. і тапалагічнымі структурамі і іх адлюстраванні, а таксама метады іх выкарыстання для рашэння канкрэтных задач. Асн. раздзелы: нелінейны Ф.а., тэорыі лінейных аператараў, бясконцамерных выяўленняў груп, нармаваных кольцаў, абстрактная тэорыя інтэгравання і інш. Асн. паняцці Ф.а. — прастора і аператар.
Як самаст. дысцыпліна пачаў складвацца на мяжы 19 і 20 ст. ў выніку абагульнення розных паняццяў і метадаў матэм. аналізу, алгебры, геаметрыі і інш. Сфарміраваўся ў 1930-я г. (С.Банах «Тэорыя лінейных аперацый», 1931). Найб. вывучаны лінейныя прасторы, важнейшы клас якіх — функцыянальныя прасторы, дзе элементы — функцыі (адсюль назва «Ф.а.») і лінейныя адлюстраванні (іх тэорыя — абагульненне на бясконцамерны выпадак праблематыкі лінейнай алгебры), гільбертавы прасторы, метрычныя прасторы (гл. Метрыка), тапалагічныя прасторы і інш. Выкарыстоўваецца ў тэорыях функцый, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў, метадах вылічэнняў, тэорыі імавернасцей, матэм. фізіцы, квантавай механіцы і інш.
На Беларусі даследаванні па Ф.а. праводзяцца з 1950-х г. у БДУ і інш. ВНУ.
Літ.:
Колмогоров А.Н., Фомин С.В. Элементы теории функций и функционального анализа. 6 изд. М., 1989;
Люстерник Л.А., Соболев В.И. Краткий курс функционального анализа. М., 1982;
Антоневич А.Б., Радыно Я.В. Функциональный анализ и интегральные уравнения. Мн., 1984.
Я.В.Радына.
т. 16, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)